«МА́ЙСКАЯ НАВАЛЬНІ́ЦА»

(«Maigewitter»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Віцебскім, Гарадоцкім, Суражскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл. (у трохвугольніку Віцебск—Гарадок—Сураж) у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 17—22.5.1943 сіламі 87-й пяхотнай, 4-й авіяпалявой дывізій, 8-й танк. брыгады, 9 ахоўных батальёнаў, батальёна СС «Мёртвая галава», паліцыі Лёзненскага і Панізоўскага (Смаленскай вобл.) р-наў. Усяго ў аперацыі ўдзельнічала больш за 20 тыс. карнікаў. Захопнікам процістаялі партыз. брыгады 1-я і 2-я Бел. імя Панамарэнкі, дыверсійная Бел. імя Леніна, 1-я Віцебская, імя А.Ф.Данукалава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола агульнай колькасцю 2,5 тыс. чал. Праціўніку ўдалося выцесніць партызан з раёнаў іх дыслакацыі. Карнікі расстралялі больш за 2400 чал., захапілі 350 кароў і коней, 150 ц збожжа.

В.С.Лазебнікаў, У.С.Пасэ.

т. 9, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)